БУКАЛІ́ЧНАЯ ПАЭ́ЗІЯ,

буколіка (ад грэч. bukolikos пастухоўскі), жанр антычнай паэзіі эліністычнага і рымскага часу (3 ст. да н.э. — 5 ст. н.э.) — невял. вершы, у якіх апяваліся ўцехі вясковага жыцця, праца і каханне пастуха на ўлонні прыроды (такія вершы наз. ідылія або эклога). Маст. вытокі жанру ў нар. песнях сіцылійскіх пастухоў пра каханне, якое прывяло напаўміфічнага пастуха Дафніса да гібелі. Пачынальнік грэч. Букалічная паэзія — Феакрыт, ідыліі якога цесна звязаны з нар. песнямі, міфамі; рымскай — Вергілій (цыкл вершаў «Буколікі»). Букалічная тэма атрымала развіццё ў стараж.-грэч. рамане («Дафніс і Хлоя» Лонга), у новаеўрап. л-ры 14—18 ст. (гл. Пастараль).

т. 3, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)